Нарэшце надыйшоў доўгачаканы дзень, да якога рыхтавалася ўся Беларуская Аўтакэфальная Праваслаўная Царква (БАПЦ) у эміграцыі - адбылася хіратонія (высьвячэньне) архімандрыда Сьвятаслава ў епіскапы (сьвецкае імя – Вячаслаў Логін).
Пасьля адыходу ў іньшы сьвет нашага Першагэрарха БАПЦ Мітрапаліта Ізяслава, наша БАПЦ у эміграцыі асірацела. Ад дня сьмерці Мітрапаліта Ізяслава (26 лістапада 2007 году) быў апякуном нашае БАПЦ архіяпіскап Уманьскі і Дэтройтаўскі Аляксандр, за што яму вялікі дзякуй. 10 траўня 2008 году, у суботу, у Катэдральным Саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага, у Брукліне, адбылася вячэрняя архіярэйская Богаслужба, на якой адбылося "нарачэньне" - абяцаньне Богу, перад прысутным сьвятарствам і парахвіянамі быць слугой Богу і людзям, кіраваць прыходамі, сьвятарствам і вернікамі, назіраць і навучаць прапаведваць Слова Божае і выконваць Законы Божыя. Абрад "нарачэньня" і архіерэйскую хіратонію выконвалі іерархі Украінскае Аўтакэфальнае Праваслаўнае Царквы ў ЗША (якая вядзе радавод хіратоніяў ад УАПЦ у часе другое сусьветнай вайны: архіепіскап Уманьскі і Дэтройтаўскі – Аляксандр, япіскап Х’юстанскі і Тэхаскі Макаріос, з удзелам япіскапа Барыспальскага Паісія (УПЦ Кіяўскі Патрыярхат). Зь імі разам удзельнічалі ў Богаслужбе: мітрафорны пратаярэй Міхайло (Бруклін), Іярэй Іван, мітрафорны пратаярэй Міхайло (Дэтройт), пратаярэй Уладзімір, Іярэй Зіновій, айцец Полл, айцец Орэст і архідыякан Мікалай. Добра дапамагала сьвятарству сьпяваць сваім цудоўным гучным голасам матушка Людміла, вялікі ёй дзякуй і за віньшавальныя вершы. На нядзелю, 11 траўня 2008 году прыпадае сьвята Сьвятога Кірылы Тураўскага, чыё імя носіць наш Катэдральны Сабор. Адбылося вялікае і ўрачыстае сьвята. У гэты цёплы, сонечны дзень сьвята атрымалася. Мусіць Богу было патрэбна, каб высьвячэньне архімандрыда Сьвятаслава ў япіскапы было ў дзень сьвята Сьвятога Кірылы Тураўскага, а для нас вернікаў – гэта падвойнае сьвята, таму што мы маем зараз вярхоўнага сьвятара, які будзе кіраваць духоўным жыцьцём усёй БАПЦ у эміграцыі. Праз узраджэньне іерархіі БАПЦ у эміграцыі нашы царквы атрымалі новае дыханьне, БАПЦ уваскрасае так, як і Ісус Хрыстос Уваскрос. Пасьля асноўнага абраду хіратоніі і віньшаваньня сьвятарствам новага япіскапа Сьвятаслава (сьвецкае імя Вячаслаў Логін), была адпраўлена Малітва ў гонар Маці Божай і ўсіх Маці, якія далі нам жыцьцё. Сьвята "Дзень Маці" сьвяткуецца ў Амэрыцы і другіх краінах у другую нядзелю траўня. Па заканьчэньні Сьвяточнай Літургіі архіяпіскап Аляксандр павіньшаваў усіх Маці зь іх сьвятам, а затым павіньшаваў парахвіяніна Мікалая Сагановіча зь днём Народзін, які быў на прайшоўшым тыдні. Мы вернікі БАПЦ верым, што Ісус Хрыстос Уваскрос, верым, што ўваскрэсьне і наша БАПЦ, а зь ёй уваскрэсьне наша мова, культура і наша Радзіма Беларусь. Цяпер мы маем уладыку Сьвятаслава, япіскапа Новаградзкага і Паўночнай Амэрыкі БАПЦ. Сьвята працягвалася ў парахвіялінай залі на першым паверсе, дзе "Сястрынства" нашага Сабору прыгатавала пачастунак. На гэтым абедзе прысутнічалі госьці зь НЮ-Ёрку, НЮ-Джэрсі, Кліўлянду і Канады, было больш чым 100 чалавек. Першым павіньшаваў япіскапа Сьвятаслава Расьціслаў Гарошка – Старшыня Парахвіяльнай Рады Катэдральнага Сабору Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Вялікую падзяку выказаў прысутным япіскапам і ўсяму сьвятарству Сакратар Кансысторыі БАПЦ – Якуб Сапяжынскі, ён цёпла вітаў нашага новага япіскапа Сьвятаслава. З падзякай прысутнаму сьвятарству і віньшаваньнем выступілі Старшыня Парахвіяльнай Рады Парахвіі Сьвятое Жыровіцкае Іконы Божае Маці зь Гайлен Парку - Віктар Дубяга і Старшыня Парахвіі Сьвятога Кірылы Тураўскага зь Таронта (Канада) - Міхась Тапуноў. На сьвяточным абедзе прысутнічалі і нашыя палітычныя дзеячы: Івонка Сурвілла - старшыня Рады БНР; Зянон Пазьняк - старшыня БНФ; Вячка Станкевіч – старшыня Галоўнай Управы БАЗА. Усе яны выказалі словы ўдзячнасьці сьвятарству нашай братняй Украіны ды цёплыя, добрыя пажаданьні ўладыку Сьвятаславу, здароўя і сіл для працы на Божай ніве. Архіяпіскап Аляксандр у сваім віньшаваньні ўладыку Сьвятаславу даў добрыя парады, выказаў пажаданьні, дзе ён нагадаў, "Дзень 11 траўня 2008 году ёсьць не падвойнае сьвята, а трайное, ад гэтага дня – пачатак новага адраджэньня БАПЦ у эміграцыі". Добрыя віньшавальныя словы і парады выказалі япіскап Паісій ды япіскап Макаріос, абяцалі дапамагаць калі гэта спатрэбіцца, а таксама віньшавала ўладыку Сьвятаслава рэдактар газэты "Украінська Церква" – Катэрына Нэміра. Цяпер мы будзем вітаць нашага япіскапа Сьвятаслава словамі, "Іс полла эти Дэспота!" - (гэта азначае "Дай Божа шмат год!") Будзем маліцца за яго і прасіць Божага дабраслаўленьня. Хрыстос Уваскрос! Хрыстос Уваскрос! Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Сьвяткаваньне працягвалася, і ў гонар Маці выказала віньшавальныя словы спадарыня Ліна Сагановіч. Яна разам зь сёстрамі нашай парахвіі прасьпявала песьню "А мне сарочку мама вышывала". У памяць пра тых Маці, якія адыйшлі ў іньшы сьвет, таксама прагучала "Пісьня про матір". Пасьля ўсіх урачыстасьцяў, дзеці, сябры і парахвіяне віньшавалі спадара Міколу зь 65-годзьдзем, жадалі яму добрага здароўя, сіл і энэргіі на адраджэньне нашае сьвятыні. Госпадзі, дабраславі яго! www.belaoc.org  
|