Main Menu
Галоўная
Навіны
Артыкулы
Абвесткі
Кантакт
Спасылкі
Пошук


Бясплатны хостынг

Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША





Памяць герояў Случчыны ўшанавалі беларусы ЗША Друк
Аўтар Natallia   
02.12.2009 г.
28 лістапада на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку, штат Нью-Джэрсі, ля помніка палеглым змагарам за свабодную Беларусь адбылася паніхіда, а пасьля ў беларускай царкве ў Гайлэнд Парку прайшлі мерапрыемствы з нагоды Слуцкага паўстаньня. Да помніка героям Слуцкага паўстаньня быў ускладзены вянок ды жывыя квіткі. Над галовамі прыйшоўшых узгадаць беларускіх патрыётаў і ўшанаваць іх памяць луналі бел-чырвона-белыя нацыянальныя сьцягі, з якімі за ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі у 1920-м годзе змагаліся супраць чыровнай арміі беларускія патрыёты.
 
Паніхіду адправілі япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі Ўладыка Сьвятаслаў і пратаярэй а. Зінові.
 
У гэты ж дзень крыху пазьней у грамадзкай залі царквы Сьвятое Іконы Жыровіцкае Божае Маці ў Гайлэнд Парку працягнуліся мерапрыемствы з нагоды Слуцкага збройнага чыну.
 
Беларускі Музэй у Нью-Ёрку адкрыў выставу "Мастацтва супраць дыктатуры". Быў зачытаны зварот ад старшыні Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы. Пра беларускіх змагароў розных часоў казалі старшыня Нью-Джэрсійскага аддзелу Беларускага Амэрыканскага Задзіночаньня Юрка Азарка і беларускі мастак Алесь Шатэрнік.
 
Фільм "Слуцкі збройны чын" з цыклю "Невядомая Беларусь", зроблены тэлекампаніяй "Белсат", працягнуў адкрываць невядомыя дагэтуль старонкі беларускай гісторыі часоў змаганьня з саветамі і іх чырвонай навалой. У савецкія часы падзеі Слуцкага збройнага чына не вывучаліся ў школе, пра іх не расказвалі падручнікі гісторыі, не гаварылі мэдыі. Абыходзяць стараной тыя падзеі ў нашых школах і сёньня, не абмяркоўваюць гэтую тэму дзяржаўныя СМІ...
 
Шмат хто з герояў тых падзей быў асуджаны савецкай уладай, высланы ў Сібір і ўжо ніколі не вярнуўся на Радзіму. Цяперашняя ўлада нашай краіны і суды адмаўляюцца рэабілітаваць людзей, якія былі прызнаны ў тыя часы ворагамі народу за тое, што баранілі свой край - нашу родную Беларусь. Ужо адзін толькі гэты факт цудоўна сьведчыць пра тое, наколькі антыбеларускай зьяўляецца сёняшняя ўлада краіны.
 
Жаданьне мець сапраўды беларускую ўладу - тую, якая будзе дбаць пра Бацькаўшчыну, яе культуру і ўвесь беларускі народ, памятаць гісторыю свайго краю - гэта тое, што аб'ядноўвае беларусаў, якія жывуць сёньня з беларусамі часоў Слуцкага збройнага чыну.
 
Мерапрыемствы да Слуцкага збройнага чына былі арганізаваны Нью-Джэрсійскім аддзелам БАЗА.